Shukaj.by

Аднойчы мне пашчасціла пазнаёміцца з выдатным беларускім мастаком і этнографам, які працаваў над праэктам “150 золотых маршрутов моей Беларуси”. Я быў уражаны, я не мог сабе ўявіць, як гэта, ажно 150 маршрутаў па нашае маленечкай Беларусі. У працэсе знаёмства з яго працай, я раптам адкрыў для сябе, як шмат цудоўных архітэктурных цікавостак схавана ад нашых вачэй, у далечыні ад вялікіх трас. І я задаўся пытаннем: як гэту ўсю прыгажосць можна паказаць людзям? Як можна выкарыстаць гэты турыстычны патэнцыял?
Як праграмісту, адказ на гэтае пытанне мне прыйшоў даволі хутка - пабудаваць WEB платформу, на якой любы ахвочы зможа знайсці найбольш цікавы для яго маршрут. І гэтага было мала. Існуюць radzima.org і globus.tut.by, але дагэтуль няшмат людзей вандруе па Беларусі, і няшмат прыязджае ў Беларусь з турыстычнымі мэтамі. Трэба было дадаць перцу!
Абмяркоўваючы ідэю са сваімі сябрамі, усплыло хоббі, якім я займаюся ўжо 8 год - квэсты ў рэальнасці і актыўныя гарадскія гульні - СХватка ды ENcounter. На шчасце, хоббі і праца вельмі натуральна злучаліся ў межах новай ідэі. Што калі зрабіць турыстычны маршрут інтэратыўнай гульнёй?
Выбіраем тэму, ці ідэю, пракладаем маршрут, прыдумляем заданні на найбольш цікавых і маляўнічых кропках маршрута і запампоўваем на платформу! Пасля гэтага турысту застаецца толькі выбраць з дапамогай сайту, ці мабільнай праграмы, тэматыку, якая яго цікавіць, і мясцовасць, куды ён збіраецца. А далей ён самастойна, ці з дапамогай мясцовага гіда, пагружаецца ў атмасферу і сам становіцца ўдзельнікам гісторыі, якую мы яму расказваем!
Працаваць мы пачалі 1-га лютага, а ўжо 14-га, на дзень св. Валянціна, у нас адбыўся пілотны запуск. Мы правялі квэст па рамантычных легендах і паданнях Менска, у які згуляла звыш 500 чалавек.
Але гэта толькі палова справы. Наша мэта не толькі заахвоціць турыстаў наведваць цікавыя месцы Беларусі, але таксама заахвоціць бізнэсоўцаў, якія працуюць у сферы турызму, і нават самых звычайных людзей, якім ёсць што расказаць пра свой горад, сваю мясцовасць, ствараць турыстычны прадукт!
Адсюль выцякае яшчэ адзін накірунак нашае працы - адукацыйная праграма (pop-up школа), у межах якой мы бярэмся даць веды, неабходныя для стварэння і прасоўвання прадукту на рынку. І што самае галоўнае - даем магчымасць стварыць першы маршрут-квэст з нашай падтрымкай і дапамогай.
Такім чынам, на Hack4Tourism мы ставім перад сабой тры мэты:
- праца над мабільнымі праграмамі для нашай платформы - iOs i Android
- прэзентацыя нашага праэкту ў Берасцейкім рэгіёне - стварэнне і запуск першага квэсту
- пошук партнёрскіх кантактаў сярод прадстаўнікоў турыстычнага бізнэсу рэгіёну
З нецяплівасцю чакаем падзеі, хвалюемся і рыхтуемся :)